Новости
12 Августа 2026
Трэнінгавая серыя «Падарожжа4Life»
З 4 па 6 жніўня 2026 года на базе валанцёрскага цэнтра клубаў ЮНЕСКА адбылася знакавая падзея ў межах праекта Dance4Life. Арганізатарамі і вядучымі мерапрыемства выступілі валанцёры-Чэмпіёны4life Беларускай Асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА - Каласоўская Анастасія і Гусакоўскі Валянцін.

Упершыню за гісторыю існавання праекта трэнінгавая серыя «Падарожжа4Life» была рэалізавана цалкам на беларускай мове. Акрамя таго, распрацаваны і ўведзены ў выкарыстанне метадычны дапаможнік для правядзення заняткаў у беларускім перакладзе; аўтарам перакладу з’яўляецца Каласоўская Анастасія.

Падарожжа4Life уяўляе сабой серыю з дзесяці структураваных трэнінгаў, накіраваных на комплекснае развіццё маладзёжных кампетэнцый. Тэматычны спектр уключае інтэрактыўнае знаёмства і камандаўтварэнне, базавыя веды па ВІЧ-інфекцыі, фарміраванне навыкаў выбудоўвання асабістых межаў і ўсведамлення межаў іншых асоб, асновы эфектыўнай камунікацыі і актыўнага слухання, стратэгіі вырашэння канфліктных сітуацый і прынцыпы процідзеяння булінгу, інфармаванне пра стыгму і дыскрымінацыю, а таксама базавыя падыходы да планавання і рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў.

Правядзенне Падарожжа4Life на беларускай мове і стварэнне поўнага перакладу метадычных матэрыялаў з’яўляецца значным укладам у захаванне культурнай спадчыны нашай краіны і пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы ў адукацыйным працэсе. Арганізатары выказваюць упэўненасць, што гэтая ініцыятыва будзе садзейнічаць далейшаму развіццю нацыянальных моўных традыцый і натхніць новыя пакаленні на актыўнае выкарыстанне роднай мовы ў грамадска значных праектах.

Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА выказвае вялікую падзяку сваім валанцёрам Анастасіі Каласоўскай і Валянціну Гусакоўскаму за праяўленую ініцыятыву!
Прэс-цэнтр РГА БелАЮ
Больше новостей:


Новости





